be en ru
Неверагодны старынны калядны рэцэпт ад аўтаркі “Літоўскай гаспадыні” ў выкананні барысаўскага майстра
1 февраля 2023
НАША, РОДНАЕ

Неверагодны старынны калядны рэцэпт ад аўтаркі “Літоўскай гаспадыні” ў выкананні барысаўскага майстра

Чым можна ў наш час уразіць родных і гасцей, зазірнуўшых да вас на Каляды? Сырам з... яблыкаў! Так-так, вось такі незвычайны рэцэпт мы пачулі падчас семінара-практыкума клубных работнікаў Барысаўшчыны, які быў прысвечаны кулінарнай рэканструкцыі першай беларускай гаспадарча-кулінарнай энцыклапедыі «Літоўская гаспадыня». Кніга застаецца бестселерам на працягу вось ужо 175 гадоў. Нагадаем, што яе аўтаркай з’яўляецца пані Ганна Цюндзявіцкая з Кішчынай Слабады.

Майстар народных промыслаў Барысаўскага цэнтра традыцыйнай культуры Таіса Дзямідчык рыхтавалася да Калядаў яшчэ з восені. У яе атрымаўся неверагодна смачны сыр па кнізе “Літоўская гаспадыня”.

— Страва вельмі цікавая — сыр, ды не з малака, а з яблыкаў. Менавіта так! І гэта не звычайная пасціла, бо спосаб прыгатавання такі ж, як і сыроў, — падзялілася майстар. — Яго спачатку гатавалі толькі ў нашых вёсках, а потым — на літоўскіх землях.

Мала таго, што яблыкі патрэбна зварыць па-асабліваму, дык потым трэба чакаць, пакуль сыр выспее. І гэта самы цяжкі час…

— Чаму?

 Смачна вельмі, а страва калядная, вось і трэба неяк дачакацца, калі свята надыдзе! А пах ад яго такі ідзе … Вельмі хочацца кавалачак з’есці.

Ітак, рэцэпт.

         Чыстыя яблыкі парэзаць (лупінкі здымаць не трэба), пакласці ў шырокі посуд (у той, у якім будзем варыць), прысыпаць крыху цукрам — абы пусцілі сок. Варым да мяккасці. Цюндзявіцкая раіла працерці праз сіта. Ну а я карысталася пагружным блэндарам.

І далей пачынаем гэтае пюрэ доўга-доўга, на маленькім агні, варыць. Яно нарэшце загусцее і саб’ецца ў адзін камочак. Правяраем гатоўнасць так: бярэм вільготную сурвэтку, на яе — кавалачак ад гэтага камочка, у кулачку сціскаем, потым разгортваем сурвэтку. Маса павінна адстаць ад тканіны.

І ў гэты момант пачынаецца чараўніцтва. Дадаем да нашага камочка карыцу, гваздзіку, лупінкі апельсіна, арэхі — каму што да спадобы. Напрыклад, можна дабавіць перац, кмен і крыху прысаліць. А таксама дадаць да масы мелка нарэзаных сырых яблыкаў.

Разам з дабаўкамі гатуем яшчэ хвілінак 10. Потым невялікія кавалачкі (можна нарэзаць) пакласці на мокрыя сурвэтачкі пад прэс на суткі. Затым разгарнуць і сушыць аж да Калядаў.

Дарэчы, на семінары дзіўную страву прэзентавала і калега Таісы Дзямідчык па творчаму цэху Ала Сідаровіч. Смачна было таксама!

#нашароднае_адзінства

Святлана ЧЭКАЛАВА, фота аўтара

Короткая ссылка на новость: https://www.edinstvo.by/~5gv59

Архив сайта

Перейти