be en ru
На Барысаўшчыне з’явіўся першы камбайнавы экіпаж, які намалаціў тысячу тон збожжа
10 августа 2023
Сельское хозяйство

На Барысаўшчыне з’явіўся першы камбайнавы экіпаж, які намалаціў тысячу тон збожжа

Здаецца, зусім нядаўна на палетках ААТ «Птушкафабрыка Вяляцічы» адзначылі раённае свята «Зажынкі-2023», а сёння, 10 жніўня, тут зноў з’явілася нагода для ўрачыстасці. Камбайнавы экіпаж братоў Аляксандра і Валерыя Сманцар першым у раёне намалаціў 1000 тон збожжа.

Павіншаваць іх з гэтай працоўнай перамогай прыехалі старшыня Барысаўскага раённага Савета дэпутатаў Лілія Чэча, парламентарый Лілія Ананіч і старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Антаніна Котава.

— Сёння сапраўды ў Барысаўскім раёне вялікая падзея, — адзначыла, вітаючы перадавікоў, старшыня райсавета Лілія Чэча. — Паважаныя Аляксандр Яўгенавіч і Валерый Яўгенавіч, вы першымі на Барысаўшчыне намалоцілі тысячу тон. Такі вынік дасягнуты, дзякуючы вашаму прафесіяналізму і самаадданай працы, а таксама той вялікай рабоце, якая праведзена ў гаспадарцы, каб вырасціць, нягледзячы на праявы надвор’я, добры ўраджай. Ад імя Барысаўскага райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў дазвольце павіншаваць з гэтай працоўнай перамогай і пажадаць поспехаў і іншых высокіх дасягненняў.

Акцыянернае таварыства «Птушкафабрыка Вяляцічы» летась перамагло ў раённым спаборніцтве на жніве, і сёлета ёсць усе падставы паўтарыць гэты поспех. Гаспадарка сярод лепшых у раёне па ўраджайнасці збожжа. Тут яна складае ў сярэднім 44 ц/га.

— Якім бы добрым ні быў сёлета намалот, але ён меншы, чым мы планавалі, — заўважыў кіраўнік акцыянернага таварыства Араш Ханарджу. — Пшаніцы разлічвалі атрымаць звыш 60 ц/га, а па факту — крыху больш за 50 ц/га. Праўда, яшчэ засталіся да ўборкі палі, на якіх ўраджайнасць будзе вышэй. Добра паказаў сябе рапс — звыш 30 ц/га, азімы і яравы ячмень таксама не падвялі. Адным словам, працуем і нішто не можа нам перашкодзіць. Ганарымся нашымі механізатарамі, якія працуюць на жніве. Не чакалі, што наш экіпаж першым у раёне намалоціць тысячу тон. Усяго на ўборцы ўраджаю у нас занята дзесяць камбайнаў: чатыры свае, два з якіх новыя, набылі сёлета, і яшчэ шэсць камбайнаў прыцягваем на сезон.

Героі жніва атрымалі пісьмы з удзячнасцю за самаадданую працу ад райвыканкама і райсавета дэпутатаў, райкама прафсаюза работнікаў АПК, каштоўныя падарункі, а таксама грашовае ўзнагароджанне ад сельгаспрадпрыемства.

Не засталася ў баку ад шанавання камбайнераў-тысячнікаў і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу краіны Лілія Ананіч. Яна таксама ўручыла ад імя дэпутацкага корпуса ім памятныя падарункі.

— Сёння радасная для мяне падзея: мы ўшаноўваем першых тысячнікаў на маёй малой радзіме, — падзялілася Лілія Станіславаўна. — Як сімвалічна, што тут былі «Зажынкі-2023» і з’явіўся першы камбайнавы экіпаж, што намалаціў тысячу тон. Палі выдатныя, ураджайнаць высокая, уборачная кампанія ідзе зладжана і арганізавана. Наведваю гэтую гаспадарку часта і бачу высокую культуру земляробства, выкананне ўсіх патрабаванняў агратэхнікі, пастаяннае папаўненне тэхнічнага парку. А яшчэ акцыянернае таварыства — прыклад паспяховай інвестыцыйнай работы ў сельскай гаспадарцы.

Для камбайнавага экіпажа братоў Сманцар сёлетняе жніво ўжо дванаццатае па ліку. Старэйшы Аляксандр працуе ў гаспадарцы 35 год, а малодшы Валерый дапамагае яму ў час уборачнай.

— Раней я заўсёды браў водпуск, каб убіраць збожжа разам з братам, а сёлета мяне накіравалі ад Барысаўжылбуду, дзе працую, — расказаў Валерый Яўгенавіч. — Першы сезон у нас быў «Дон», а потым атрымалі «Палессе». Наш экіпаж штогод у лідарах.

Браты з маленства ведалі, што такое праца хлебароба, бо ў мясцовай гаспадарцы працаваў бацька, ён часта браў сыноў з сабой у поле. Аляксандр Яўгенавіч па маладосці паспрабаваў пажыць у горадзе, але нядоўга, сэрца цягнула ў вёску, таму вярнуўся ў Вяляцічы.

— Пасля арміі мяне запрашалі ісці працаваць у міліцыю, але зямля аказалася бліжый, — заўважыў старэйшы Сманцар. — На тое, што станем першымі ў раёне тысячнікамі, не разлічвалі, хоць кожны сезон намалочваем звыш гэтай лічбы. Учора працавалі да поздняга вечара і толькі раніцой даведаліся аб сваім выніку. Так што для нас гэта таксама нечакана.

На 10 жніўня на Барысаўшчыне, як паведаміла старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Антаніна Котава, убрана 42 працэнты зерневага кліну і намалочана каля 30 тысяч тон збожжа. Набліжаюцца да тысячнага намалоту яшчэ два экіпажы. Для кожнага камбайнера-тысячніка райкамам падрыхтаваны каштоўныя падарункі, пісьмы з удзячнасцю, вымпелы і наклейкі на камбайн.

Інга РАМАНОЎСКАЯ, фота аўтара

Короткая ссылка на новость: https://www.edinstvo.by/~FbsKd

Архив сайта

Перейти