be en ru
Захаваць да зернейка: сушыльным гаспадаркам сельгаспрадрыемстваў Барысаўшчыны сёлета хапае работы
23 августа 2023
Сельское хозяйство

Захаваць да зернейка: сушыльным гаспадаркам сельгаспрадрыемстваў Барысаўшчыны сёлета хапае работы

З-за дажджлівага надвор’я гаспадаркі рэгіёна вымушаны на поўную магутнасць выкарыстоўваць свае зернесушыльныя комплексы. Вільготнасць зерня, якое закладваецца ў сховішчы, не павінна перавышаць 13 працэнтаў. Даведаліся, як з новым ураджаем спраўляецца ЗСК ПСГ «Чарневічы».

Дваццаць год таму саўгас імя Чапаева быў рэарганізаваны і змяніў назву. А яшчэ праз год сельгаспрадпрыемства далучылі да ААТ «Барысаўскі завод агрэгатаў». Тады, можна сказаць, у гаспадарцы адкрылася другое дыханне. Дзякуючы дапамозе завода, тут палепшылася матэрыяльна-тэхнічная база, пабудаваны новыя аб’екты, адрамантавана збожжасховішча, а таксама ўстаноўлены зернесушыльны комплекс.

— Нашаму ЗСК-15 ужо сямнаццаць год, — паведаміў кіраўнік сельгаспрадпрыемства Уладзімір Пулькач. — Сёлета практычна ўсё зерне прапускаем праз яго. Ад камбайнаў, якіх у нас тры, яно перавозіцца на пляцоўку пад навес (зараз там знаходзіцца 200 тон пшаніцы), а потым падаецца ў завальную яму комплексу. Ён у нас на мясцовых відах паліва працуе кругласутачна. Абслугоўваюць ЗСК пазменна дзве брыгады ў складзе аператара і памочніка. Дапамагаюць ім паляводы.

На шляху да комлексу, які знаходзіцца ў глыбіні машыннага двара гаспадаркі, убачылі, як пагрузчык каўшом зачэрпвае зерне з кучы і загружае яго ў кузаў МАЗа. За рулём апошняга ўжо сёмы сезон працуе вадзіцель Леанід Мельнік.

— Гэта зерне зараз павязу на ЗСК на прасушку, — патлумачыў Леанід Іванавіч. — Летась на сваім дзесяцітонніку перавёз 1700 тон збожжа, заняў другое месца ў раёне. Сёлета такога выніку не будзе, бо ўраджайнасць значна меншая. Да ўборачнай падрыхтаваліся добра, тэхніка працуе без збояў, палівам і ўсім неабходным забяспечаны. Прывозяць гарачае харчаванне на абед, даюць і падвячорак. Усё добра, галоўнае, каб надвор’е не перашкаджала ў рабоце. Пасля таго, як выгружу збожжа, накіруюся да камбайнаў, якія хутка пачнуць малацьбу.

На завальнай яме аператар ЗСК Максім Куракевіч сочыць, як самасвалы запаўняюць яе збожжам, дзе трэба, папраўляе высыпанае зерне рыдлёўкай.

— Я працую разам з памочнікам Максімам Кошкіным, у другой брыгадзе, якая прыходзіць нам на змену, аператар Іван Козел і памочнік Алег Галуза, — расказаў Максім Куракевіч. — З пачатку жніва праз комплекс прайшло 460 тон збожжа. За змену ў сярэднім перасушваем каля 60 тон. Я сачу за прыборамі і як ідзе працэс сушкі, а памочнік — за катлом.

Перыядычна аператар вільгацямерам «Фаўна» правярае тэмпературу і вільготнасць зерня, якое сушыцца ў ЗСК. Прыбор паказвае 13,8 працэнта, а неабходна 13, так што працэс працягваецца.

Пасля сушкі збожжа накіроўваецца ў сховішчы альбо ідзе на перапрацоўчае прадпрыемства па дзяржзаказу.

— Мы ўжо завяршылі ўборку практычна ўсёй зерневай групы, застаўся толькі авёс, — зазначыў Уладзімір Пулькач. — З ім склалася няпростая сітуацыя. З-за засухі не ўсё зерне ўзышло, потым, калі пайшлі дажджы, яно прачнулася і прарасло. Цяпер палеткі сталі жоўта-зялёныя. Рашаем з райсельгасхарчам, што рабіць. А так з уборкай іншых праблем няма. На жаль, на нашай пясчанай глебе сёлета страцілі значную частку ўраджаю, калі параўноўваць з узроўнем мінулага года. Тады намалацілі 4000 тон зерня пры сярэдняй ураджайнасці 40 ц/га, а зараз будзе бадай напалову менш. Па азімаму жыту ўжо выканалі дзяржзаказ на 112 працэнтаў.

Яшчэ не паспела завяршыцца жніво, а ў гаспадарцы распачалі азімую сяўбу. Унесены мінеральныя ўгнаенні, вядзецца ворыва глебы. Насенны матэрыял будзе выкарыстаны ў тым ліку і з сёлетняга ўраджаю.

Інга РАМАНОЎСКАЯ, фота аўтара

Короткая ссылка на новость: https://edinstvo.by/~8Cbji

Архив сайта

Перейти