be en ru
20 мая 2020
Общество

Урбаністы даследуюць, як пандэмія змяняе горад, і запрашаюць беларусаў да ўдзелу!

Мінская ўрбаністычная платформа запрашае жыхароў і жыхарак Беларусі прыняць удзел у даследаванні зменаў гарадскога асяроддзя ва ўмовах самаізаляцыі і пандэміі. Паспейце запоўніць анкету і дапамагчы ўрбаністам да 9 чэрвеня!

Мэта даследавання

Даследаванне дапаможа зразумець, як змяняецца вопыт знаходжання дома ў тых, хто памяншае сваю мабільнасць у сувязі з пандэміяй. Шмат хто ў Беларусі праводзіць вясну 2020 не выходзячы з дома і не выязджаючы са свайго раёна ў цэнтр горада. Наша сувязь з гарадскім асяроддзем трансфармуецца і не будзе як раней, нават пасля кароны.

Платформа аналізуе дадзеныя пра паводзіны гараджан, каб адказаць на наступныя пытанні:

  1. Як людзі ў Беларусі адаптуюць сваё месца пражывання ў час пандэміі?
  2. Што аказваецца самым важным у доме і побач з ім падчас самаізаляцыі?
  3. Якім чынам, нягледзячы на ​​хатні рэжым, людзі падтрымліваюць з горадам не толькі віртуальную сувязь?
  4. Які ён – беларускі від з акна?

Дапамога гараджан

Мінская ўрбаністычная платформа просіць пра дапамогу ўсіх гараджан! Дзякуючы вашым адказам даследаванне стане больш шматбаковым. Каб стаць удзельнікамі даследавання, патрэбна:

  1. Адкрыць анкету, створаную для распрацоўкі базы дадзеных даследавання.
  2. Адказаць на некалькі пытанняў, датычна прасторы, дзе вы праводзіце пандэмію.
  3. Прымацаваць фота відаў свайго горада з вокнаў.

Адказы на пытанні дапамогуць вызначыць, як змяніліся перавагі людзей датычна гарадской прасторы ў самаізаляцыі. А аналіз фатаграфій дапаможа даць аб'ектыўнае ўяўленне пра стаўленне гараджан да свайго віду з вокнаў.

А дзе і калі можна будзе пабачыць вынікі?

Збор дадзеных для даследавання будзе працягвацца да 9 чэрвеня. Вынікі даследавання будуць апублікаваны ў Мінскім урбаністычным часопісе.

«Разам з беларускамі і беларусамі мы хочам звярнуць увагу на наша жыллё падчас пандэміі. Ці добра нам, калі мы глядзім у акно, ці ж адчуваем сябе зачыненымі ў панэльным раёне? Ці можа выгляд з акна ператварыцца ў тавар на рынку нерухомасці? Натхнімся відамі з акна і паглядзім, як можна зрабіць свой дом больш камфортным», – кажа Анастасія Нікіціна, спецыялістка Мінскай урбаністычнай платформы і аўтарка даследавання.

Дзякуючы дапамозе гараджан, Платформа правядзе якаснае даследаванне гарадскога асяроддзя, якое дапаможа вызначыць новыя стандарты пры выбары, афармленні і праектаванні ўласнага жылля.

Мінская ўрбаністычная платформа праводзіць навуковыя даследаванні для Мінскага ўрбаністычнага часопіса. Мэта часопіса – даступна і зразумела казаць пра складаныя тэмы уладкавання жыцця горада. Платформа даследуе тое, як на жыццё горада ўплывае няроўнасць, беднасць, праблема мабільнасці і залучанасць людзей у гарадское планаванне. Будзем рады вашай дапамозе!

Короткая ссылка на новость: https://www.edinstvo.by/~PF0KG

Архив сайта

Перейти