be en ru
Межкантынентальная сустрэча адбылася ў Барысаўскім цэнтры традыцыйнай культуры
25 мая 2023
Культура

Межкантынентальная сустрэча адбылася ў Барысаўскім цэнтры традыцыйнай культуры

Няпростая задача стаяла перад супрацоўнікамі цэнтра традыцыйнай культуры: арганізаваць сустрэчу са студэнтамі з Афрыканскага кантынента (Малі, Конга, Тагалезскай Рэспублікі), якія навучаюцца ў філіяле БНТУ — Барысаўскім дзяржаўным політэхнічным каледжы. Ды зрабіць гэта так, каб шырока прадставіць наш родны рэгіён, спадчыну беларускай культуры, але пры тым паднесці інфармацыю даступна.

Мастком, які злучыў старажытны славянскі свет і сучаснасць, стала выстава «Традыцыйныя матывы ў сучасных вырабах», падрыхтаваная дырэктарам ЦТК Аленай Янкоўскай.

Метадыст ЦТК А.А. Целяшэўская, якая праводзіла экскурсію па цэнтры, пазнаёміла наведвальнікаў з паняццямі «традыцыя», «абярэг», «абрад». Ім падрабязна распавялі пра абрад «Перанос Міхайлаўскай свечкі ў аграгарадку Вяляцічы», які ў 2016 годзе быў унесены ў Дзяржаўны спіс нематэрыяльна-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.

Зазірнулі госці з далёкага кантынента і ў «Беларускую хатку», «Ткацкі пакой», «Пакой рамёстваў». Спадабалася!

Студэнты ў суправаджэнні педагога-перакладчыка А.С. Паўловіч і загадчыка Цэнтра кампетэнцый БДПК Э.П. Шамардзіной ажыўлёна цікавіліся прадметамі побыту, адзеннем, аксэсуарамі, а таксама мастацкай керамікай і карцінамі, выкананымі ў розных тэхніках.

Здзіўленне і захапленне выклікала калекцыя саламяных павукоў, якая размешчана ва ўсіх памяшканнях Цэнтра і з'яўляецца сапраўдным яго ўпрыгожваннем.

А заключнай часткай культурнай праграмы стаў майстар-клас, падрыхтаваны майстрам народных промыслаў і рамёстваў Таісай Дзямідчык: у творчай майстэрні ўдзельнікі экскурсіі выраблялі «Птушку шчасця».

— Падарожжа па старонках культурнай спадчыны паспяхова завяршылася. Усё атрымалася вельмі хораша. Добрыя пачуцці і радасць перапаўнялі ўсіх. У канцы ўдзельнікі мерапрыемства сфатаграфаваліся на памяць. Мы верым усёй нашай творчай камандай, што гэты дзень у цэнтры застанецца ў іх сэрдцах на доўгія гады, — падзяліліся супрацоўнікі ўстановы культуры з карэспандэнтам «А».

Служба інфармацыі «А»

Короткая ссылка на новость: https://www.edinstvo.by/~Aj4um

Архив сайта

Перейти