be en ru
Тры шматдзетныя сям’і Маісееўшчынскага сельсавета атрымалі падарункі напярэдадні новага навучальнага года
28 августа 2021
Общество

Тры шматдзетныя сям’і Маісееўшчынскага сельсавета атрымалі падарункі напярэдадні новага навучальнага года

Маісееўшчынскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы садок-сярэднюю школу Барысаўскага раёна наведалі госці: дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь Лілія Ананіч, старшыня Беларускага дзяржаўнага канцэрна па вытворчасці і рэалізацыі тавараў лёгкай прамысловасці “Беллёгкпрам” Таццяна Лугіна і старшыня Барысаўскага раённага Савета дэпутатаў Пётр Навіцкі. Прыехалі яны з добрай місіяй: павіншаваць настаўнікаў, вучняў і іх бацькоў з надыходзячым Першым верасня, а таксама перадаць падарункі шматдзетным сем’ям. Сустракалі дарагіх гасцей, як прынята, хлебам-соллю.

Дырэктар установы Ларыса Ярмакова і старшыня Маісееўшчынскага сельвыканкама Аляксандр Паўлавец гасцінна запрасілі ўсіх далучыцца да святочнага мерапрыемства і бліжэй пазнаёміцца са школай. Завочную экскурсію правяла настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Валянціна Чычына.

З задавальненнем прысутныя паслухалі пра накірункі дзейнасці школы і пра дасягненні вучняў. Пачулі імёны знакамітых выпускнікоў, сярод якіх былы намеснік міністра абароны Рэспублікі Беларусь Сяргей Патапенка; маёр у адстаўцы, афганец, актыўны ўдзельнік дабрачыннага фонда “Памяць Афгана” Міхаіл Быкаў; старшыня Крупскага райвыканкама Анатоль Козел і іншыя.

– Дарагія мае землякі, – звярнулася да прысутных парламентарый Лілія Ананіч, якая з’яўляецца адным з саветнікаў старшыні ГА “Беларускі саюў жанчын” – Вельмі рада, што ініцыятыва нашага аб’яднання “Збяром партфель разам” крочыць па краіне. Лічу, што вельмі важна, каб у гэтыя перадвераснёўскія дні ў кожную сям’ю прыйшло сапраўднае свята, каб кожнае дзіця прыйшло ў школу з добрым настроем і жаданнем атрымліваць веды. Пра гэта неаднаразова казаў і Прэзідэнт  Беларусі Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. Акцыя зазірнула і ў Маісееўшчыну. Як дэпутат Палаты прадстаўнікоў я вельмі шчаслівая, што мы атрымалі важкую падтрымку ў асобе старшыні канцэрна “Беллёгкпрам” Таццяны Лугіной.

Лілія Станіславаўна таксама адзначыла, что адукацыя ў нашай краіне была, ёсць і будзе заставацца пад увагай дзяржавы, каб кожны меў магчымасць вучыцца на дастатковым узроўні і выбіраць сваю дарогу ў вялікае жыццё.

Вітаючы галоўных герояў мерапрыемства, якімі з’яўляліся шматдзетныя маці, старшыня канцэрна “Беллёгкпрам” Таццяна Лугіна падкрэсліла, што зараз  не ў кожнай жанчыны ёсць час на выхаванне нават адно дзіця, а быць шматдзетнай маці, увогуле, – суперздольнасць.

Таццяна Аляксееўна павіншавала ўсіх з надыходзячым святам і пажадала выхоўваць дзяцей так, каб яны раслі з любоўю да сваёй радзімы, імкнуліся стаць прафесіяналамі ў  той прафесіі, якую абяруць, каб праз гады пра іх таксама з гонарам гаварылі ў школе і ставілі ў прыклад іншым.

Урэшце прыйшоў час падарункаў. Па чарзе на імправізаваную сцэну выйшлі сем’і Мядзелец, Біндзюковых і Матуленка.

Кожная пачула шмат цёплых слоў і атрымала шмат падарункаў. Заплечнікі, спартыўная форма, абутак, школьныя прылады – гэта ўсё так неаобходна падчас падрыхтоўкі да вучэбнага года. Госці з задавальненнем пазнаёміліся з дзецьмі, распыталі пра іх захапленні, пра планы.

У Вольгі Біндзюковай – пяцёра дзяцей. Хутка з’явіцца шосты. Нягледзячы на такую вялікую сям’ю, яна шчыра прызнаецца, што быць шматдзетнай мамай нескладана. Муж падтрымлівае, ды і старэйшыя дзеці – добрыя памочнікі. Галоўнае, на яе думку, каб было ўзаемапаразуменне і любоў да кожнага.

Пяцёра дзяцей выхоўвае і Тамара Матуленка. Працуе жанчына аператарам машыннага даення, але навучылася сумяшчаць работу і сям’ю, хоць і няпроста.

– Стараюся вырасціць дзяцей прыстойнымі, каб дапамагалі, паважалі мяне і каб лічыліся з маімі словамі, – паддзялілася Тамара. – Калі засталася без мужа, з’явілася больш цяжкасцяў, аднак, імкнуся да таго, каб дзеці не адчувалі пустэчы. У вольны час гуляю з імі ў футбол.

Тамара, як і Вольга, мае Ордэн Маці. Прызнаецца, што пасля гэтага атрымання ўзнагароды яшчэ болей адчула сябе маці і зараз з гонарам захоўвае яе.

Старшыня Барысаўскага райсавета дэпутатаў Пётр Навіцкі таксама падзяліўся ўражаннямі ад мерапрыемства:

– Нягледзячы на тое, што мы знаходзімся зараз у глыбінцы, але ж якая ў школы багатая гісторыя. Жадаю, каб гэта гісторыя працягвалася, каб выходзілі са сцен установы разумныя і высокаматываваныя вучні і каб працавалі тут таленавітыя педагогі, якія любяць сваю работу, дзяцей і Маісееўшчынскі край.

Ад імя Барысаўскага райвыканкама, раённага Савета дэпутатаў і ад жыхароў Барысаўшчыны Пётр Віктаравіч падзякаваў Ліліі Станіславаўне Ананіч і Таццяне Аляксееўне Лугіной за такую светлую акцыю.

Таццяна САКОВІЧ, фота аўтара

Короткая ссылка на новость: https://www.edinstvo.by/~3ORc8

Архив сайта

Перейти