be en ru
Захаваць кожнае зернейка! На Барысаўшчыне адсвяткавалі «Зажынкі»
25 июля 2023
Сельское хозяйство

Захаваць кожнае зернейка! На Барысаўшчыне адсвяткавалі «Зажынкі»

Сёння на ўгоддзях ААТ "Птушкафабрыка Вяляцічы" адбылося традыцыйнае свята "Зажынкі". Прыгожае мерапрыемства праходзіла з удзелам старшыні Барысаўскага райвыканкама Мікалая Карповіча, яго намеснікаў, старшыні раённага Савета дэпутатаў Ліліі Чэча, парламентарыя Ліліі Ананіч, кіраўнікоў сельгаcпрадпрыемстваў раёна, старшыні райкама Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Антаніны Котавай і іншых. Гасцямі свята сталі прадстаўнікі Петушынскага раёна Уладзімірскай вобласці Расійскай Федэрацыі.

- Добры дзень, паважаныя камбайнеры, аграномы, кіраўнікі, - звярнуўся да прысутных Мікалай Карповіч. - Увесь год вы ўзворвалі глебу, сеялі зерне, апрацоўвалі зямлю. І зараз трэба плённа і аператыўна працаваць, каб атрымаць максімальны ўраджай. Нам належыць убраць 23 300 га зерневых. У прыватнасці, тут расце пшаніца, якая мінімум 50 ц/га будзе. Гэта важкая ўраджайнасць. 71 камбайн, усе гатовыя да ўборачнай, 56 прэсаў, каб аператыўна ўбраць салому. І самае галоўнае - нашы камбайнеры.

Мікалай Мікалаевіч падкрэсліў, што марудзіць не прыходзіцца: трэба сабраць хлеб з палёў Барысаўшчыны літаральна за 20 дзён. І захаваць пры гэтым кожнае зернейка.

Сцяг жніва ўзняў лепшы камбайнер гаспадаркі Аляксандр Сманцар.

Са cвятам павіншаваў прысутных протаіерэй Аляксандр Пачэпка, настаяцель храма Свяціцеля Мікалая Цудатворца ў Вялікай Ухалодзе.

Ён прывёў і словы Спасіцеля пра тое, як людзі павінны клапаціцца пра жніво.

- Гасподзь гаворыць сваім вучням-апосталам так: "Жніва многа, а працаўнікоў мала. Дык прасіце гаспадара жніва, каб прыслаў працаўнікоў на гэта жніво". Спадзяемся, што з дапамогай Божыяй мы атрымаем добры набытак з ураджаю, - адзначыў протаіерей.

Затым святар правёў малебен і чын асвячэння зерня і тэхнікі.

Прыгожым і відовішчным стаў момант, калі жнейкі з песнямі накіраваліся жаць першы сноп. Невялікія снапочкі - сімвалы новага ўраджая атрымалі госці свята і галоўныя героі жніва - камбайнеры.

Суправаджалася свята выступленнем народнага ансамбля народнай песні "Спадчына".

- Таварышы камбайнеры, у імя Госпада, зямлі і ўраджая - па машынах! - звярнуўся да кіроўцаў стэпавых караблёў дырэктар ААТ "Птушкафабрыка Вяляцічы" Араш Ханарджу.

Жніво пачалося.

Таццяна САКОВІЧ, фота аўтара

Короткая ссылка на новость: https://www.edinstvo.by/~1YYco

Архив сайта

Перейти